Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Пазакласная работа

У школьным, і не толькі, асяроддзі блукаюць думкі, што Янка Купала і Якуб Колас - браты блізняты. Давайце пагуляем ў гульню "Дзясятачка", у якой трэба знайсці 10 падабенстваў і 10 адрозненняў не толькі ў знешнасці паэтаў, але і па сутнасці.

“10 адрозненняў”

Знайдзіце дзесяць правільных сцвярджэнняў.

1. Колас пісаў мастацкую прозу. Купала мастацкай прозы не пісаў (толькі эсэ, публіцыстыку).  

2.Колас падобны да дзядзькі, а Купала - да паэта.

3. У Купалы была спроба самагубства, у Коласа - не.  

4. Купала пачынаў пісаць па-польску, Колас - па-руску.

5. Званне Народнага паэта спачатку далі Купалу, пасля - Коласу.

6. Колас нарадзіўся ў вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне, а Купала - у Вязынцы на Маладзечаншчыне.

7. Купала паходзіў з дробнай шляхты, а Колас - з сям'і лесніка.  

8. Колас памёр за рабочым сталом у Мінску ў 1956 годзе, пахаваны на Вайсковых могілках. Купала загінуў у 1942 годзе пры нявысветленых абставінах у атэлі ў Маскве (упаў ў лесвічны пралёт), крэміраваны і пахаваны на Ваганькаўскіх могілках. У 1962 годзе урна з прахам перапахавана на Вайсковых могілках.  

9. Купала - драматург, а Колас хоць і пісаў п'есы, але яны не перажылі свайго часу ("Забастоўшчыкі", 1925).  

10. У Коласа было больш дзяржаўных узнагарод, чым у Купалы.  

11. Колас пражыў болей за Купалу.  

12. Колас - акадэмік і першы віцэ прэзідэнт АН, Купала - не.

13. У Коласа лысіна на галаве, а ў Купалы - прабор.

14. Купала быў рэдактарам “Нашай нівы”, а Колас - не.

15. У Мінску ёсць плошча Якуба Коласа і Купалаўскі сквер.

16. Купала умеў з густам апранацца, любіў модныя рэчы. І славу Купала сваю любіў, ахвотна пазіраваў перад фотакамерамі. А Колас быў вельмі просты, апранаўся акуратна, але старамодна, як сельскі настаўнік. Да славы адносіўся абыякава і вельмі неахвотна фатаграфаваўся.  

17. Купала любіў і дасканала ведаў розныя далікатэсныя стравы, Колас жа аддаваў перавагу простай сялянскай ежы.  

18. Колас сядзеў у турме, Купала - не.  

19.Купалу па-сапраўднаму звалі Янка, а Коласа - Костусь

20. У Коласа 3 сыны, а ў Купалы адна дачка. І тая пазашлюбная.

21. Імем Якуба Коласа названы Ліцэй, імем Янкі Купалы—унівэрсітэт.

 

“10 падабенстваў”

 

Знайдзіце дзесяць правільных сцвярджэнняў.

1. Абодва Народныя паэты.

2. Купала і Колас нарадзіліся ў 1882 годзе.

3. Абодва прыйшлі ў літаратуру ў пачатку ХХ стагоддзя (нашаніўскі перыяд).

4. Абодва цяпер пахаваны на Вайсковых могілках.

5. У абодвух - вусы!

6. Абодва паходзяць з мясцінаў, што тэрытарыяльна належаць да сярэдне-беларускіх гаворак.

7. У абодвух псеўданімы і ініцыялы Я.К.

8. Абодвум улада выдала аднолькавыя аўтамабілі: спачатку "эмкі", а пасля трафейныя "шэўрале".

9. У Мінску ёсць вуліца Якуба Коласа і вуліца Янкі Купалы.

10. У іх гонар названы першыя беларускія тэатры: БДТ-1 - імя Янкі Купалы, БДТ-2 - імя Якуба Коласа.

11. У Мінску ёсць бібліятэкі, названыя ў імя абодвух аўтараў.  

12. Абодва ў пачатку творчай кар'еры адзначыліся вершамі пра Мужыка, прычым даволі падобнымі ў паэтычным плане.

13. Жонкі абодвух былі настаўніцамі.

14. Жонкі паэтаў - аднаго года нараджэння.

15. У 1937 годзе і Коласа, і Купалу хацелі расстраляць.

16. Абодва паэты да вайны жылі ў Мінску.

17. Упершыню Колас сустрэўся з Купалам у 1912 годзе ў Смольні, і Купала сустрэўся з Коласам упершыню ў Смольні ў 1912 г.

18. Абодва любілі гуляць у шахматы.

Інтэлектуальная гульня-конкурс для вучняў 9-11 класаў

“Янку Купалу і Якубу Коласу прысвячаецца..”

 Мэта: падагуліць веды вучняў пра жыццё і творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа; развіваць у вучняў інтэлектуальныя здольнасці, уменне прымяняць атрыманыя веды ў адпаведнай сітуацыі, працаваць у камандзе; выхоўваць павагу да класікаў беларускай літаратуры, пачуццё гонару за нашых суайчыннікаў, любоў да сваёй Бацькаўшчыны і роднага слова.

 Ход мерапрыемства.

Вядучы. Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як пасланцы нябёсаў і пакідаюць зорны след у вечнасці. Гэтыя людзі адзначаны Богам...

   З’яўленне на Зямлі ў адзін, 1882, год двух паэтаў — гэта Божы дар беларускаму люду. Янка Купала і Якуб Колас выразнікі дум беларусаў, яны — вочы, вусны, словы простага чалавека. Іх творы, як народныя, перадаваліся з вуснаў у вусны і былі настолькі зразумелыя, што кожны мог іх лічыць сваімі, расказанымі ад свайго імя.

   Ужо больш за стагоддзе людзі захапляюцца чысцінёй, мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Час не мае ўлады над іх творчасцю.

У год 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы, аддаючы даніну павагі вялікім паэтам і патрыётам Беларусі, на сённяшнім мерапрыемстве мы ўзнавім нашы веды пра жыццё гэтых людзей, іх творчасць.

   Вядучы. Зараз я пазняёмлю Вас з умовамі гульні.

- у гульні прымае ўдзел 2 каманды па 4 чалавека + настаўнік

- каманды па чарзе выбіраюць сектар і пытанне. Калі каманда адказвае правільна, то атрымлівае колькасць балаў, якой ацэньваецца пытанне. Калі адказвае няправільна, то балы не залічваюцца. Пры няправільным адказе на пытанне каманды другая каманда можа зарабіць палову гэтых балаў, даўшы правільны адказ;

-калі каманда выбрала пытанне ў заштрыхаваным прамавугольніку і адказала правільна, то балы гэтага прамавугольніка памнажаюцца на 2;

- калі каманда выбрала пытанне ў цёмным прамавугольніку і адказала на яго правільна, то балы каманды памнажаюцца на 2;

-калі каманды не змаглі даць правільнага адказу, то права адказу перадаецца гледачам. За кожны правільны адказ можна зарабіць 1 бал. Па выніках гульні будуць вызначаны лепшыя 3 ігракі, якія атрымаюць за 1 месца -10 бонусаў, за 2- 6 бонусаў, за 3- 3 бонусы.

-перамагае каманда, якая набрала больш балаў.

- на абдумванне ў каманды ёсць 10 секунд.

 Сектар «Цікавыя факты з біяграфіі»

10 балаў. Што падаравалі студэнты Пецярбурга аўтару «Паўлінкі»?

                                                             (Гадзіннік з надпісам «Бацьку "Паўлінкі".)

 20 балаў. У сям'і Луцэвічаў адной мовай карысталіся, калі прымалі гасцей, а другой — калі гутарылі ў сям'і і з суседзямі. Назавіце гэтыя мовы.

                                                       (У сям'і захоўваліся шляхетныя традыцыі,

                                                     таму і размаўлялі на польскай і на беларускай мовах.)

 30 балаў. На якой мове пачаў пісаць вершы Якуб Колас?

                                                                                                   (На рускай.)

 40 балаў..”У Альбуці, калі мне было 12 гадоў, я прачытаў верш “Вясна” бацьку. Ён праслухаў уважліва, потым запытаў, ці праўда, што гэта напісаў я, і даў мне рубель гасцінца.” Аб кім ідзе гаворка?

                                                                                                         (Якуб Колас)

50 балаў. Хто з аўтараў любіў упрыгожваць зямлю. Ля свайго дома пасля вайны ён пасадзіў пладовы сад, клапаціўся аб кветніках. Быў вельмі рады, калі пад дрэвамі прыжыліся прывезеныя з лесу некалькі сцяблінак верасу і чарнічніку. Тут жа ў садзе была ў яго невялічкая “вопытная дзялянка”, на якой паэт праводзіў розныя доследы, засяваючы зямлю рознымі гатункамі жыта, ячменю, удакладняў спосабы апрацоўкі глебы.

                                                                                                          (Я.Колас.)

 Сектар «Паэзія»

10 балаў. 3 якога твора ўзяты радкі «Мой родны кут, як ты мне мілы...»?

                                                                                   («Новая зямля» Якуба Коласа.)

 

20 балаў. Калі настаўніца запыталася ў першакласнікаў, хто з іх ведае на памяць вершы, Юра Гагарын прачытаў перакладзены на рускую мову верш Янкі Купалы. Як называецца гэты паэтычны твор?

                                                                                     («Хлопчык і лётчык».)

 30 балаў. Да каго звяртаюцца радкамі:

                 Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям—

                 Поўны гуслі насыплю дукатаў!

                 Не пад мысль будзе песня каму-небудзь нам—

                 Канапляную возьмеш заплату!

                                                                                                          (Да гусляра)

 40 балаў. Адкажыце на пытанне лірычнага героя верша Я Купалы “А хто там ідзе?”

                       А чаго ж, чаго захацелася ім,

                      Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

                                                                                         (—Людзьмі звацца.)

     Гэты верш Янкі Купалы лічыцца «гімнам беларускага народа», а літоўскі паэт Людас Гіра назваў яго «сапраўднай жамчужынай сусветнай паэзіі». Твор перакладзены на 87 моў свету, кампазітар Людамір Рагоўскі паклаў яго на музыку.

 

50 балаў. Якую раку вельмі любіў Якуб Ко­лас і часта пісаў пра яе ў сваіх творах?

                                                                                                (Неман)

 Сектар «Ліра-эпічныя і празаічныя творы»

10 балаў. У паэме Янкі Купалы «Курган» ёсць радкі:

Пад звон-песню жывучых гусляравых струн

Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

Сімвалам чаго ў творы з'яўляецца вобраз папараці-кветкі?      

                                                                                             (Шчасця.)

 20 балаў.Назавіце аўтара, твор і яго жанр, які напісаны па матывах беларускіх і ўкраінскіх народных песень і праслаўляе ўнутранае хараство беларускай дзяўчыны.

                                                                                       (Я.Купала. Паэма “Бандароўна”.)

 30 балаў. Чаму два радкі ў паэме Якуба Ко­ласа «Новая зямля» — «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, // Каб з панскіх выпутацца пут” — надрукаваны курсівам?

                                                         (У гэтых радках увасоблена галоўная думка твора.)

40 балаў. У аснове якой камедыі Янкі Ку­палы ляжыць сутыкненне дэмакратычнай моладзі з носьбітамі старога ладу жыцця?

                                                                                           (“Паўлінка”)

 50 балаў. Назавіце аўтара, твор і яго жанр, дзе цэнтральнай філасофскай праблемай з’яўляецца праблема шчасця.      

                                                                               (Я.Купала, драма “Раскіданае гняздо”.)

 Сектар «Героі твораў»

10 балаў. Пра якую гераіню так гаворыць аўтар твора:

Як маліны, яе губкі,

А твар, я к лілея,

Як дзве зоркі, яе вочы,

Гляне — свет яснее?

                                                                                       (Янка Купала пра Бандароўну.)

20 балаў. Пазнайце героя:

Бедны хлопчык быў загнаны,

У бацькоў нялюбы сын,

Бо відочныя заганы

I меў толькі ён адзін.

                                                               (Сымон з паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа.)

 30 балаў. Каму даецца наступная характарыстыка: «шэльма», «забастоўшчык» «недавярак», «бязбожнік»?            

                                                           (Якіму Сароку з камедыі «Паўлінка» Янкі Купалы.)

 40 балаў. Як звалі дарэктара з паэмы Я. Коласа “Новая зямля”?

                                                                                                              (Яська Базылёў)

50 балаў.  Устаўце прапушчанае слова ў першы друкаваны верш Я. Купалы. Як ён называецца?                            

                                                         Але хоць колькі жыць тут буду,

   Як будзе век тут мой вялік,

Ніколі, браткі, не забуду,

Што чалавек я, хоць .......

І кожны, хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

                 Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць! – бо я ........

                                                                            (“Мужык”)

 Сектар “Ці праўда гэта?”

10 балаў. Купала больш за іншыя кветкі любіў рамонкі?

                                     (Не, вельмі любіў ружы, таму ля дома развёў цудоўны разарый).

 20 балаў. У Я.Коласа ёсць твор “Міхасёвы прыгоды”. Ён прысвяціў яго свайму малодшаму сыну Міхасю.

                                                                                                               (Так.)

 30 балаў. У Мінску ёсць Нацыянальны беларускі тэатр, які носіць імя Я.Коласа?

                                                                                                         (Не, Я.Купалы).

  40 балаў. Колас з’яўляецца аўтарам аповесці пра стогадовага беларускага партызана дзеда Талаша?

                                                                                    (Так. Твор называецца “Дрыгва”.)

 50 балаў.Аўтарам скульптурных кампазіцый на плошчы Я.Коласа ў Мінску з’яўляецца беларускі скульптар Заір Азгур?

                                                                                                                (Так.)

 Сектар “Памяць”

10 балаў. Імя Я.Купалы і Я.Коласа ў Беларусі носяць нацыянальныя тэатры. Купалаўскі тэатр у Мінску ведаюць, мабыць, усе. А ў якім горадзе знаходзіцца тэатр імя. Я.Коласа?

                                                                           (У Віцебску)

20 балаў. Ці праўда, што ў Маскве і Нью-Ёрку пастаўлены помнікі Янку Купалу?

                                                     (Так. У Кіеве, Херсоне, ніжнім Ноўгарадзе, Іркуцку,

                                                       Валгаградзе,Чабаксарах, Гайнаўцы(Польшча) яго

                                                       імем названы вуліцы)

30 балаў. У 1991 годзе да 110-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа Дзяржаўны банк СССР планаваў выпусціць у свет памятныя манеты з іх вяывамі, але ў хуткім часе Савецкі Саюз распаўся. Тым не менш манеты ўсё ж выйшлі ў свет. Банк якой краіны іх выпусціў?

                                                     (Нацыянальны банк Расійскай Федэрацыі)

40 балаў. “... У беларусі ёсць два паэты : Янка Купала і Якуб Колас— вельмі цікавыя хлопцы! Так прымітыўна-проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы трошкі такіх якасцей! О Божа! Вось бы добра было!”   Хто так ахарактарызаваў творчасць Я.купалы і Я.Коласа?

                                                       (Максім Горкі ў 1910 г.)

 50 балаў. Янка купала і Якуб Колас неаднаразова былі лаўрэатамі літаратурных прэмій. З цягам часу былі заснаваны прэміі якія носяць іх імёны. Дзяржаўная прэмія Я.Купалы — у 1957 годзе, Дзяржаўная прэмія Я.Коласа — у 1959 годзе. Чым яны адрозніваюцца?

                                                             (Прэмія Я.Купалы прысуджаецца за выдатныя

                                                            творы ў галіне паэзіі і драматургіі.

                                                           Прэмія Я.Коласа— за выдатныя творы ў

                                                           галіне прозы і літаратуразнаўства)

Сектар “Ілюстрацыі да твораў”

10 балаў. ( Я.Колас. “Новая зямля”)

 20 балаў. (Я.Купала. “Магіла льва”)

 30 балаў. (Я.Купала. “Бандароўна”)

 40 балаў. (Я.Купала. “Паўлінка”)

 50 балаў. (Я.Купала “Раскіданае гняздо”)

 Падвядзенне вынікаў. Узнагароджанне ўдзельнікаў.

 Вядучы. Сёлета мы святкуем 130-гадовы юбілей Янку Купалы і Якуба Коласа. Гэта вельмі важная падзея ў духоўным і культурным жыцці Беларусі. Святочныя мерапрыемствы пройдуць таксама ва Ўкраіне, Расіі. Гэта дата ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. Гэта былі людзя, якія дбалі пра сваю Бацькаўшчыну, яе свабоду і незалежнасць, пра развіццё беларускай мовы,і літаратуры і нацыянальнай культуры.

Думкі і погляды Купалы і Коласа не састарэлі, у многім яны актуальныя і сёння. Хай наша сённяшняя сустрэча будзе данінай павагі вялікім паэтам і сынам Беларусі.

   Да пабачэння!

Над намі словы ўладараць

Мэта: у гульнявой форме выявіць веды вучняў па пэўных раздзелах навукі аб мове; пашыраць веды вучняў;

садзейнічаць развіццю пазнавальнай актыўнасці і творчых здольнасцей вучняў, вобразнага і лагічнага мыслення, кемлівасці, культуры маўлення;

стварыць умовы для выхавання патрыятызму, моўнай культуры.

 Ход мерапрыемства.

 Вядучы: 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сумная гісторыя ў гэтай даты. У 1952 годзе ў Бангладэш (былы ўсходні Пакістан) прымусова была ўведзена мова ўрду замест роднай мо­вы бангла. Гэта выклікала пратэст насельніцтва. Падчас хваляванняў пяцёра студэнтаў былі застрэлены паліцыяй. Адбылося гэта ў 1959 годзе. Тыя пяць хлопцаў, што загінулі за сваю мову, сталі нацыянальнымі героямі і пакутнікамі. Цяпер мове бангла знікненне не пагражае. А ў 2000 годзе ЮНЕСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы.

   У кожнага чалавека, дзе б ён ні жыў, ёсць родная мова, якая нястомна служыць у розных яго занятках і патрэбах. Сіла і краса народнага слова — заканамерны вынік моватворчай дзейнасці народа. Нашы продкі тонка адчувалі слова, умелі зазірнуць у яго глыбіні.

   Кожны з нас — своеасаблівая і непаўторная індывідуальнасць, хоць, здаецца, існуе шмат падобных людзей. I ўсё-такі знешнасць, пастава, манера апранацца ў кожнага свая, тое ж самае можна сказаць пра нашу мову і маўленне. Пагаварыце крыху з кім-небудзь, і вы сёе-тое зможаце сказаць пра субяседніка. I сапраўды, наша слова выяўляе тое, што схавана глыбока ў думках, душы і сэрцы.

Вось як аб значэнні слова сказаў у вершы С. Грахоўскі:

Над намі словы ўладараць.

Мы чуем і гаворым іх.

Яны то здружаць, то пасвараць

Сяброў і ворагаў маіх.

 Бо словы розныя бываюць.

Адны — агню стрымаюць шквал,

Другія словы забіваюць

Усё жывое напавал.

 Ад слова сэрца халадзее,

Праходзіць сон і забыццё,

Ад слова рушацца надзеі,

Ад слова свеціцца жыццё.

 Ад слова вырастаюць крылы,

А ў сэрцы стукае любоў,

Ад слова прыбываюць сілы,

Дык не шкадуйце шчырых слоў!

 А здатным толькі на дакоры

I гучна словамі грымець,

Каб не прыносіць людзям гора,

Было б найлепей анямець.

 Вядучы. Сёння мы яшчэ раз убачым і адчуем, наколькі багатая, мілагучная, мудрая і самабытная беларуская мова. Гэта мы зробім у гульнёвай форме, дзякуючы якой вы здолееце паказаць свае веды і моўную эрудыцыю. Самыя актыўныя атрымаюць узнагароды ў выглядзе бонусаў.

Вядучы. Наша мерапрыемства называецца “Грані слова”. І недарэмна. Слова мае шмат граней і разглядаем мы яго ў мове з розных бакоў. (паказваецца макет “Раздзелы навукі аб мове”)

   Сёння мы з вамі паспрабуем разгледзець толькі некаторыя з іх.

Вядучы. Родная беларуская мова багатая на словы, якія кожны з нас выкарыстоўвае ў штодзённым жыцці. І чалавек павінен імкнуцца да таго, каб не збядняць мову, а, наадварот, ужываць як мага больш слоў — прыгожых, крамяных, яскравых, цёплых. А ў гэтым нам дапамагае Лексіка.

 Заданне 1. Замяніце ў сказах усе словы, апрача службовых, сінонімамі.

1) Неспадзявана воіны натрапілі на варожы дазор. (Нечакана салдаты сустрэлі непрыяцельскі абход (патруль)).

2) Сцежка вывела турыстаў з бору на палетак. (Дарожка (пуцявіна, шлях) прывяла вандроўнікаў (падарожнікаў) з лесу на луг.)

 Заданне 2. Падбярыце беларускія адпаведнікі запазычаным словам.

Антракт (перапынак), аратар ( прамоўца), аргумент ( доказ), арфаграфія (правапіс), галкіпер (варатар), пілігрым ( вандроўнік).

 Вядучы. А зараз я хачу расказаць вам прытчу.

   Жыў-быў у адной дзяржаве мудры цар, быў у яго верны і любімы сябар. Перад смерцю цар сказаў свайму сябру: “Ты самы дарагі мне чалавек, і я хачу зрабіць табе падарунак — вазьмі з майго пальца пярсцёнак, і не чытаючы таго, што напісана на ўнутраным баку, надзень сабе на палец. Як бы цяжка табе не прыйшлося, пярсцёнка не здымай. І толькі тады, калі ты не захочаш жыць, знімі пярсцёнак і прачытай надпіс”.

   Цар памёр. Жыццё яго сябра было цяжкае і невыноснае. Настаў момант, калі ён вырашыў скончыць жыццё самагубствам. Успомніў наказ цара, зняў пярсцёнак і прачытаў надпіс: “І гэта пройдзе. Цар Саламон”.

 Вядучы. У чым сутнасць гэтай прытчы?Своечасова расказаная прытча становіцца кірункам для роздуму, і чалавек знаходзіць выйсце з любой сітуацыі. Мы пагаворым аб прытчах, якія карацейшыя за птушыны нос, гэта значыць, аб прыказках. Думка, ператвораная ў прыказку і аздобленая ёю, ярчэй зіхаціць, закранае розум і бярэ за сэрца.

 Заданне 3. Закончыце прыказку

1) Слова не верабей: (вылеціць — не зловіш)

2) Рана загоіцца, (а злое слова ніколі)

3) Слухай многа, ( а гвары мала)

4) Са свайго языка спусціш —(на чужым не зловіш)

5) Добрае слова (далёка чуваць)

6) Добрае слова (даражэйшае –за грошы)

 Заданне 4. Скажыце па-беларуску?

Я вам буду называць рускія і ўкраінскія прыказкі. А вым неабходна сказаць, як яны гучаць па-беларуску?

русский

украінскій

беларускі

1) Слово не стрела, а пуще стрелы разит

Гостре словечко коле сердечко

Рынуў слаўцом, як пярцом

2) Не верь ушам, а верь глазам

Рота закрій, а очі відкрій

Вер не сказу, а паказу

3) Визгу много, а шерсти нет

Обіцалі даці “з гаком”, а прінеслі дулю с маком

Многа робіць языком, ды мала рукамі

4) Кто много грозиться, того мало боятся

Погрозліве галасування—що ослів річання

Не ўсе сабакі кусаюць, што лаюць

5) Не спеши языком, торопись делом

Тім, що язік намолов, сітій не будеш

Языком масла не саб’еш і работы не зробіш

 Вядучы. Фразеалагізмы, таксама як і прыказкі, і прымаўкі, – гэта згусткі жыццёвага вопыту народа, прадстаўленыя ў вобразных правілах, парадах, павучэннях. Іх своеасаблівая жартаўлівасць, іранічнасць і гумарыстычнасць, сур'ёзныя павучэнні, адкрытае праяўленне сімпатый і антыпатый – усё разам адлюстроўвае вялікае значэнне гэтых жамчужын народнага розуму, народнай славеснасці. Вывучае фразеалагізмы раздзел навукі аб мове— Фразеалогія.

 Заданне 5. “Фразеалагічны звярынец”. Часта ў фразеалагізмах ужываюцца назвы птушак і жывёл. Ваша задача адгадаць, пра каго ідзе размова.

1) З якой птушкай параўноўваюць чалавека, які сваімі паводзінамі ці знешнім выглядам непадобны да іншых? (белая варона)

2) Пра каго расказваюць казку, калі гаворка ідзе пра паўтор аднаго і таго ж пачатку? (белага бычка)

3) Чыю шкуру дзеляць, калі беспадстаўна размяркоўваюць прыбытак ад чагосьці яшчэ не ажыццяўлёнага? (незабітага мядзведзя)

4) Каго з’еў той, хто мае вялікі вопыт, навык у чымсьці? (сабаку)

5) Каго падкладваюць, калі цішком хочуць падстроіць непрыемнасць, подласць? (свінню)

6) Чые слёзы мы праліваем, калі прытворна шкадуем аба няшчыра скардзімся? (кракадзілавы)

 Вядучы. “Што напісана пяром, не вырубіш тапаром”. І сапраўды, напісанае застаецца назаўсёды. Пагэтаму чалавеку неабходна ўмець граматна пісаць. За гэта адказвае Арфаграфія.

 Заданне 6. У якіх словах парушаны правілы арфаграфіі.

 Трэба пут солі зъесьці, каб пазнадзь чэлавека.(Трэба пуд солі з’есці, каб пазнаць чалавека)

Раней узтанеж – болей зробіж. (Раней устанеш — болей зробіш)

Хвалілася рэцька, жто зь мёдам смачная. (Хвалілася рэдзька, што з мёдам смачная)

 Заданне 7. Вызначце словы, у якіх побач знаходзяцца два галосныя гукі

Маёр, лаўрэат, аазіс, саюзнікі, каланіяльны, вераб’іны, рытуал, Клеапатра, піяніна, іанізацыя, баец, серыял, тэарэма.

 Заданне 8. Прачытайце сказ і адкажыце, дачка ці сын старэйшыя? Патлумачце свой выбар.

Бацька з сынам у выхадны дзень пайшоў на возера, а праз гадзіну маці з дачкой таксама прыйшлі туды. (Дачка старэйшая за брата, таму што слова “дачкой” уваходзіць ў склад дзейніка і з’яўляецца раўнапраўным членам, удзельнікам дзеяння, а сын яшчэ маленькі: бацька прывёў яго на возера).

 Вядучы. Закончыць нашу сустрэчу мне хочацца радкамі з верша Ніла Гілевіча “Родныя словы”

Пры суседзях у вёсцы нялоўка

"Невучоным" сябе паказаць,

I пiльнуецца хлопец, каб слоўка

Так, як кажуць яны, не сказаць.

Мовы ён не забыўся, вядома,

Гэтых простых i сцiплых людзей.

Толькi ён ужо год, як не дома,

I на дом не ўскладае надзей.

Мацi песню малому спявала

Пра духмяны ў бары чабарок...

Песня сыну нялюбаю стала,

Як пакiнуў бацькоўскi парог.

Ад калыскi знаёмыя рэчы

Ён па-iншаму ў хаце заве.

Мацi тулiць хусцiнаю плечы:

"Што ж, i пэўна: не ў вёсцы жыве".

Ёй не ў крыўду сынова пагарда:

Друг высока абучаны мой!

Сёння матчынай мовы, а заўтра

Засаромiшся мацi самой.

 Вядучы. Жадаю вам не цурацца роднай мовы, ганарыцца ёй. Дзякую вам за ўдзел у мерапрыемстве.

(Узнагароджванне пераможцаў)